Новости проекта
Конкурс продлен! Принимайте участие!
Отвечаем на ваши вопросы!
Домашнее задание на контроле!
Важные моменты в Инструктивно-методическом письме
Голосование
Посещение каких мероприятий в шестой школьный день для вас предпочтительнее?
Всего 16 человек

Незвычайная звычайная школа

Дата: 6 сентября в 09:02, Обновлено 6 сентября в 10:08

Сайт газеты "Настаўніцкая газетa"


Незвычайная звычайная школа

01.09.2018 16:18 Адукацыйная прастора без каментарыяў

Два рэсурсныя цэнтры, музей і новыя кабінеты хіміі і біялогіі пачнуць працаваць у новым навучальным годзе ў сярэдняй школе № 1 Новалукомля.

Педагогі і навучэнцы ўпэўнены: іх школа незвычайная, самая лепшая. Для гордасці ёсць усе падставы: па многіх паказчыках установа адукацыі сярод першых у Чашніцкім раёне, па некаторых — у вобласці. Тым не менш знаёмства са школай яе дырэктар Іна Сыроўчанка пачала не з пераліку ранейшых поспехаў і перамог, а з новага — планаў на найбліжэйшую будучыню, праектаў, якімі сёння жыве калектыў. Прычым падкрэсліла: большасць з іх знаходзіцца на стадыі завяршэння і будзе рэалізавана да верасня.

— Мы вучым дзяцей не спыняцца на дасягнутым. Яго трэба выкарыстоўваць як аснову і пастаянна развівацца, дынамічна і мэтанакіравана рухацца наперад. Значыць, усё ў школе павінна адпавядаць гэтаму правілу, — адзначае Іна Фёдараўна. — Спрыяльныя перадумовы, патэнцыял у наяўнасці: жаданні і магчымасці дзяцей, ініцыятыўныя і дасведчаныя настаўнікі, вучэбна-дапаможны персанал, істотная падтрымка раённых і абласных органаў улады. Навучэнцы 10—11 класаў маюць магчымасць вывучаць на павышаным узроўні замежныя і рускую мовы, біялогію, хімію. У новым навучальным годзе ў школе будуць новыя кабінеты хіміі і біялогіі. Арганізаваны класы інтэграванага навучання і выхавання. Штогод на нашай базе функцыянуе пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, у якім займаюцца больш за 20 навучэнцаў, і дзейнічае рэсурсны цэнтр “Арганізацыя інтэграванага навучання і выхавання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”. Да 1 верасня добры сучасны рамонт праведзены ў кабінеце абслуговай працы, устаноўлена новае абсталяванне, швейныя машыны — ужо з 5 класа дзеці будуць асвойваць асновы прафесійных ведаў па прафесіі швачка. Мы ўдзельнічаем у рэспубліканскім інавацыйным праекце па энергазберажэнні. З дапамогай дэпутата Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па нашай акрузе Паўла Харытонава, нашых шэфаў — Лукомльскай ГРЭС — абсталёўваем і будзем адкрываць рэсурсны цэнтр “Энергазберажэнне — пачні з сябе”.

Трэба сказаць, што практычна ўсе памяшканні і сам будынак, прышкольная тэрыторыя да новага навучальнага года змянілі аблічча. За некалькі месяцаў адрамантаваны фасад, фундамент, адмосткі, парапеты. Пакладзена новае асфальтавае пакрыццё, устаноўлены малыя архітэктурныя формы, радуюць вока шыкоўныя клумбы, дагледжаны сад, акуратныя радкі зялёных насаджэнняў. Для пляцоўкі па вывучэнні правіл дарожнага руху настаўнікі самі вырабілі дарожныя знакі, пафарбавалі і расставілі іх, добраўпарадкавалі пляцоўку. Грунтоўныя пераўтварэнні закранулі і сталовую: набыты новыя тэхналагічнае абсталяванне, мэбля, элементы эстэтычнага афармлення. Праведзены ўнутраныя рамонты — ад гардэробных да сэрца школы — настаўніцкай. Істотны момант: значны рэзерв паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы адукацыі — пазабюджэтная дзейнасць, а рамонтныя работы, добраўпарадкаванне па магчымасці ажыццяўляюцца гаспадарчым спосабам.

Аднаго з лепшых педагогаў школы — Валерыя Радашкевіча, які падрыхтаваў многіх пераможцаў абласных і рэспубліканскіх першынстваў, мы сустрэлі з малярным валікам у руках. Настаўнік фізкультуры наносіў завяршальныя штрыхі ў адрамантаванай спартыўнай зале. Дарэчы, спартыўная база тут зайздросная: дзве спартыўныя і дзве трэнажорныя залы, выдатныя цір і стадыён. Зайздросныя і вынікі выступленняў навучэнцаў на раённых, абласных, рэспубліканскіх спаборніцтвах, пра што сведчаць шматлікія дыпломы і важкія кубкі. У планах калектыву на будучыню — абсталяваць пляцоўку па варкаўце, а ў найбліжэйшы час установа адукацыі прырасце яшчэ адным рэсурсным цэнтрам — “Школа — тэрыторыя здароўя”, накіраваным на здароўезберажэнне.

Прыемна, калі на сесіі гарвыканкама ставяць у прыклад менавіта нашу школу, але гэта і вялікая адказнасць: мала ўтрымліваць высокую планку, трэба ўвесь час імкнуцца яе павысіць, — далучылася да размовы намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце дэпутат Новалукомльскага гарадскога Савета дэпутатаў Кацярына Казінец. — Па ўдзеле ў выхаваўчых мерапрыемствах розных напрамкаў, колькасці перамог мы лепшыя ў раёне. Усім калектывам стараемся арганізаваць максімальна спрыяльнае асяроддзе для раскрыцця і развіцця здольнасцей кожнага дзіцяці, у тым ліку арганізавана работа груп прадоўжанага дня для навучэнцаў 1—4 класаў, у дзяцей ёсць магчымасць наведваць факультатыўныя заняткі па агульнаадукацыйных прадметах, займацца ў розных аб’яднаннях па інтарэсах і спартыўных секцыях. Клапоцімся пра ўласную змену: выпусцілі першую педагагічную групу навучэнцаў і набіраем яшчэ адну. У мінулым навучальным годзе заключылі дагавор з ВДУ імя П.М.Машэрава — спадзяёмся, што такім чынам не толькі пашырацца магчымасці прафарыентацыі, але і на новым узроўні будзе ажыццяўляцца работа з высокаматываванымі дзецьмі па падрыхтоўцы да рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару. Радуе, што пэўныя поспехі ў гэтым напрамку ўжо заўважныя, у тым ліку і па выніках выступлення на абласным этапе алімпіяды. У жніўні мы перазаключылі дагавор са службай МНС, у адпаведнасці з якім арганізаваны 3 факультатывы для дзевяцікласнікаў (у іх і свая адметная форма ёсць!). І, нарэшце, нельга не згадаць яшчэ адно важнае адкрыццё: 1 верасня мы перарэжам чырвоную стужку на ўваходзе ў новы школьны музей, дзе будуць гаспадарыць настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Ганна Васільева разам з яе гадаванцамі — юнымі экскурсаводамі. У Дзень ведаў за парты сярэдняй школы № 1 Новалукомля сядуць больш за 500 навучэнцаў. Няма сумненняў, што кожны дзень іх падарожжа па свеце ведаў будзе напоўнены цікавымі адкрыццямі, добрымі справамі і што яны неаднойчы парадуюць сваімі поспехамі настаўнікаў і бацькоў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

https://nastgaz.by/nezvychajnaya-zvychajnaya-shkola/   

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.